Разняволіць сумленне гея

DeutschEnglish

Пачну з аповеда пра свайго сябра Бенджаміна О’Салівана, манаха-бенедыктынца з Амплфорцкага абацтва, які засіліўся на пачатку 1996 г. Наколькі мне вядома, яго зацкаваў журналіст аднаго брытанскага таблоіда. Смерць Бенджаміна не стала забойствам толькі таму, што ён сам пагадзіўся з прысудам натоўпу, гатовага яго лінчаваць, і стаў рукой, якая выканала іх прысуд. На маю думку, прычына яго смерці ў тым, што гэты надзвычай прывабны, навонкі ўпэўнены ў сабе, жыццярадасны маладзён-гей не змог супрацьстаяць натоўпу лінчавальнікаў. Не здолеў, бо пакутаваў на зняволенае сумленне. Неўзабаве пасля высвячэння ён падзяліўся са мной сваім страхам: маўляў, ён несапраўдны святар, бо “калі б яны ведалі”, яго б ніколі не высвяцілі. Неістотна, што наўрад ці хоць адзін з тых, хто добра ведаў Бенджаміна, не мог не ведаць, што ён гей. Той, хто трапіў у пастку, глядзіць на свет праз акуляры страху, які зацямняе, а не прасвятляе вочы. Гэта ілюстрацыя да таго, што робіць з чалавекам зняволенае сумленне: забірае здольнасць быць сабой і захоўваць годнасць, верыць, што тое, кім яму дадзена стаць, – добрае, у чым бы ні абвінавачвалі яго лінчавальнікі. Ён знемагае ў свеце паўпраўдаў, адчувае сябе часткай любой супольнасці толькі напалову, бо яму заўсёды здаецца, што “калі б яны ведалі”, то “мяне б ніколі сюды не пусцілі”. Адсюль недалёка да пастаяннага абвостранага адчування, што “насамрэч мне нельга тут быць”.

Хрыстос жывы і дзейны

Сумна, што Царква больш не можа проста сказаць, як Пётар кульгаваму ад нараджэння: “У імя Ісуса Хрыста Назарэя ўстань і хадзі!” З гэтым я неяк яшчэ магу прымірыцца. Аднак калі Царква – гэта значыць усе мы, – не можа нават разняволіць сумлення, напрыклад, майго сябра Бенджаміна, каб захаваць яго ад самагубства, то мы сапраўды вартыя толькі аднаго – быць выкінутымі і растаптанымі як соль, што страціла свой смак.

У выніку я зразумеў, што паколькі нашы біскупы не збіраюцца, а дакладней – не могуць, – нічога з гэтым зрабіць, бо часцяком самі спаралюшаваныя тым самым зняволеным сумленнем, што і Бенджамін, трэба нешта ствараць, каб зрабіць унёсак у разняволенне сумлення геяў, спрабаваць знайсці іншую ўладу, здольную сказаць: “У імя Ісуса Хрыста Назарэя ўстань і хадзі!” Вынікам маёй няздатнасці зрабіць гэта ў сістэматычным выглядзе стала кніга «Вера без крыўды: каталіцкія фрагменты ў гейскай танальнасці».

Адзінае, што я змог у той кнізе – гэта знайсці пэўныя знакі майму прадчуванню, што калі дабравесны Ісус жывы між намі, калі Ён сапраўды Божае самаадкрыццё нам, то Ён акурат тым і займаецца, што разнявольвае сумленні геяў. Тут і цяпер, бо ў Ім – Божы клопат пра авечак, якіх пакінулі пастыры. Таму, калі сапраўднае пытанне не ў тым, “што зрабіў бы Ісус ”, а “што Ён цяпер робіць ” (я думаю, што менавіта апошняе пытанне – сапраўды каталіцкае, бо мае на ўвазе рэальную прысутнасць Хрыста ў падзеях сучаснасці, а не тэкстуальную прысутнасць у мінулым, якое адыходзіць у нябыт), то нам мае сэнс крыху паразважаць пра сілу Таго, хто разнявольвае наша сумленне.

У чаканні Пятра

У ідэальным свеце апостал Пётр зразумеў бы, што яму дадзена ўлада знявольваць і адпускаць менавіта для таго, каб адкрыць збаўленне паганцам. Ён сказаў бы наступныя словы: “Бог паказаў мне, што ніводнага чалавека нельга лічыць паганым або нячыстым” (Дз 10:28), так што і геі пабачылі б сябе з разняволеным сумленнем як браты і сёстры ў Царкве нароўні з усімі, г.зн. як сыны і дочкі і спадчыннікі. У рэальнасці, аднак, мы спыніліся ў незвычайным моманце з гісторыі з дзясятага раздзела Дзеянняў: пасля казані Пятра пра Ісуса, якога Бог памазаў Святым Духам і моцай (Дз 10:34-43), пасля таго, як мы паверылі яму і прынялі Ісуса як Добрую Вестку для нас, пасля таго, як Святы Дух зышоў на нас, так што мы пачалі жыць жыццём улюбёных дзяцей і змаглі дабрасловіць Бога (Дз 10:44-46), але да таго, як Пётр здолеў прамовіць: “‘Няўжо ж хто можа забараніць вадзе хрысціць вось гэтых, што прынялі Духа Святога, як і мы?’ – і загадаў ім ахрысціцца ў імя Ісуса Хрыста”. (Дз 10:47-48)

Калі хочаце пераканацца, як гэта адбываецца ў рэчаіснасці, паглядзіце на цяперашняе вучэнне Апостальскай Сталіцы: “Хоць сама па сабе гомасэксуальная схільнасць не зяўляецца грахом, яна уяўляе сабой больш ці менш выразную тэндэнцыю да паводзінаў, якія па сутнасці ёсць злом, а таму яна мусіць разглядацца як аб’ектыўная неўпарадкаванасць.”  [1] У сьвятле прыгаданага вышэй фрагмэнта з Дзеянняў няцяжка пабачыць, што гэта фраза – прыклад звычайнага адступніцтва. Калі Пётр сведчыць: “Бог паказаў мне, што ніводнага чалавека нельга лічыць паганым ці нячыстым”, – яго сучасныя наступнікі кажуць: “Хоць гэта і праўда, што геі не паганыя і нячыстыя, іх усё ж трэба такімі лічыць”.

Атрымліваецца, што нам выпала жыць у часы адступніцтва Пятра ад Евангелля, але мы пачынаем разумець, што Добрая Вестка і наша разняволенне – не ад Пятра, а ад Бога, і што Пёта сам пазней зразумее і пацвердзіць тое самае. Гэта – абсалютна біблейская мадэль, з якой мы можам пачувацца як дома, пакуль чакаем на Пятра.

Спаралюшаванае сумленне

Зняволенае сумленне не можа ні кроку зрабіць ані туды, ані сюды, ані ўперад, ані назад – яно спаралюшаванае, збітае з панталыку. У гэтым сэнсе зняволенае сумленне – як жывая сьмерць; і тыя, каго яно вярэдзіць, – як памерлыя. Многія з нас некалі былі ці застаюцца такімі. Вы напэўна сутыкаліся з паняткам ‘падвоенага вузла’, або ‘Пасткі-22’. “Падвоеныя вузлы” і спараджаюць зняволенае сумленне. Выглядаць яны могуць напрыклад так: “Я загадаў табе любіць, але любоў твая нездаровая”, або: “Ты мусіш знікнуць і памерці, але самазабойства – грэх”. Або яшчэ: “Адзіны прымальны для мяне лад жыцьця – цэлібат. Але калі б яны ведалі, хто я насамрэч, яны ніколі не дазволілі б мне далучыцца да іх”. І яшчэ: “Вядома, далучайся, але не кажы, хто ты насамрэч”. І яшчэ: “Нельга быць геем, але і маніць нельга”. Многія з нас былі інфікаваны такімі формамі жадання. Усе яны паўтараюць класічную формулу: “Рабі, як я, але не рабі, як я”. Калі цябе вабіць да кагосці неадольная сіла прыцягнення, але табе дадзены загад: “Будзь, як я, але не будзь, як я”, то рана ці позна ты заблытаешся, саб’ешся з панталыку, так што ўрэшце завіснеш на месцы, няздольны рухацца ні ўперад, ні назад.

Думаю, ва ўсіх падобных выпадках мы маем справу з ‘Я’, сфармаваным супрацьлеглымі памкненнямі, няздольным вызначыць, дзе і як іх належыць выяўляць. Іншымі словамі, абодва загады ўспрымаюцца на адным узроўні, але паколькі яны скіраваны ў супрацьлеглыя бакі, іх вынік – паралюш. У Новым Запавеце акурат гэта і завецца σκάνδαλον – скандалон, камень спатыкнення. Той, хто аб яго спатыкнуўся, – спаралюшаваны, няздольны і кроку зрабіць. І сапраўдны сэнс Евангельля – пераадолець σκάνδαλα, скандала, г.зн. развязаць “падвоеныя вузлы”, што не дазваляюць людзям быць сабою.

У пошуках сапраўднага Бога

Тут мы маем справу з самой сутнасцю Евангелля. Дабравесце нескладана падаць так, што яно стане свайго роду “падвоеным вузлом”. Любое абвяшчэнне хрысціянскай веры як “я люблю цябе, але я не люблю цябе” або “я не люблю цябе такім, які ты цяпер, але калі ты зменішся, я буду любіць цябе” – гэта абвяшчэнне “падвоенага вузла”, каменя спатыкнення, дарогі да паралюшу. Уявіце сабе размову фальшывага бога з вашым ‘Я’:

Фальшывы бог: І хачу любіць цябе, але я не магу любіць цябе такім, якім ты ёсць, бо ты грэшнік і аб’ектыўна неўпарадкаваны.
Я: Тады што мне рабіць, каб ты мяне любіў?
Фальшывы бог: Ты мусіш стаць іншым.
Я: Я гатовы, пакажы мне, як!
Фальшывы бог: Любоў немагчыма зарабіць, яна проста ёсць.
Я: Вельмі добра. Тады як мне стаць такім, якога можна любіць?
Фальшывы бог: На тваім месцы я б пачынаў з якога іншага месца.
Я: Дзякуй за добрую параду! Як можна пачаць з якога іншага месца?
Фальшывы бог: Гэта немагчыма, бо нават выпраўляючыся да іншага месца, ты будзеш пачынаць ад сябе, а цябе любіць немагчыма.
Я: Што ж, калі я не магу пачаць з якога іншага месца і не магу пачынаць ад сябе, дык што мне рабіць?
Фальшывы бог: Забудзь пра любоў – проста будзь паслухмяным і спаралюшаваным.

Вось да чаго прыводзіць усведамленне свайго “Я”, сваёй саматоеснасці, сваіх памкненняў паводле прынцыпу “Рабі, як я, але не рабі, як я”, праз светагляд таго, хто падае супрацлеглыя каманды, зукручвае “падвоеныя вузлы”.

Калі Евангелле мае хоць які сэнс, ён у тым, што Добрая Вестка пра Бога – несумненная: у Богу няма ніякіх “калі” і “але”, Божая любоў – безумоўная. А перадусім у Богу няма “падвоеных вузлоў”. Бог жадае, каб нашае жаданне струменіла вольна, жыццядайна і бесперашкодна, бо ў гэтай плыні жадання мы і пакліканыя да быцця.

Калі гэта праўда, уявіце, якой магла б атрымацца размова паміж Богам безумоўнай любові і вашым ‘Я’:

Бог безумоўнай любові: Я люблю цябе.
Я: Але ж я такі засранец. Як можна мяне любіць?
Бог безумоўнай любові: Я люблю цябе.
Я: Быць ня можа, каб ты мяне любіў, бо я проста камяк гною.
Бог безумоўнай любові: Я люблю цябе – такім, які ты ёсць.
Я: Як ты можаш любіць мяне, калі я быў у брыдкіх стасунках, наведваў секс-саўны, кахаўся з тымі, каго не кахаў, і падманваў?
Бог безумоўнай любові: Я люблю цябе – такім, які ты ёсць.
Я: Але ж…
Бог безумоўнай любові: Я люблю цябе – такім, які ты ёсць.
Я: Але ж…
Бог безумоўнай любові: Я люблю цябе – такім, які ты ёсць.
Я: І ты пакінеш мяне ў гэтым гноі?
Бог безумоўнай любові: Я люблю цябе, таму ты можаш разняволіцца і, атулены маёй любоўю, ты зразумееш, што цябе любяць, і сапраўды так пераменішся, што ледзь пазнаеш сябе.
Я: Можа, мне варта што-небудзь рабіць, каб падрыхтавацца да таго, што мяне палюбяць?
Бог безумоўнай любові: Хіба калі ты яшчэ не зразумеў, што ўсю працу раблю Я, а твая справа – радавацца. Я люблю цябе, і таму ты разняволішся, атулены маёй любоўю, і заўважыш, што робіш цудныя справы, бо цябе любяць.
Я: Гэта так цудоўна.

Іншымі словамі, у класічным ірландскім жарце: “Як дабрацца да Дубліна? – На тваім месцы, я пачаў бы з якога іншага месца”, – евангельскі, а, значыць, і Хрыстовы адказ гучаў бы так: “Я пайду разам з табой адтуль, дзе ты цяпер.”

Камень спатыкнення

А цяпер запытайцеся сябе, чаму больш адпавядае вучэнне Апостальскай Сталіцы: духу Евангелля ці таму кепскаму ірландскаму жарту? Прыгадаем яшчэ раз: “Хоць сама па сабе гомасексуальная схільнасць не з’яўляецца грахом, яна ўяўляе сабой больш ці менш выразную тэндэнцыю да паводзінаў, якія па сутнасці ёсць злом, а таму яна мусіць разглядацца як аб’ектыўная неўпарадкаванасць.” Гэта вучэнне ўкліньваецца паміж Хрыстом і нашым разуменнем сябе, бо скажае вельмі простую любоў да нас такімі, якія мы ёсць, – любоў, праз якую мы перамяняемся. Замест любові яно вучыць нас, што Бог палюбіць нас, калі мы пачнем наша жыццё з нейкага іншага месца. Іншымі словамі, фармальна гэта вучэнне – скандалон, камень спатыкнення: яно зацягвае, а не развязвае “падвойны вузел”. І паколькі гэта вучэнне на такім глыбінным, сутнасным узроўні несумяшчальнае з Евангеллем, – што б ні казала чынавенства Рымскай Курыі, – я думаю, яно проста ня можа быць вучэннем Царквы.

Адкуль з’яўляецца сумленне

Калі гаворым пра сумленне, мы, бадай, часам не заўважаем аднаго істотнага моманту: наша сумленне заўжды фармуецца і суадносіцца з тым, што розніцца ад нас, папярэднічае нам, існуе па-за намі. Гэта няпраўда, што недзе ў нас ёсць “рэальны” нутраны голас, які абвяшчае нам толькі ісціну. Наадварот, наша “нутраное я” – гэта больш ці менш суладны дыялог розных галасоў, якія так ці інакш спрычыніліся да нашага быцця: праз бацькоў, адукацыю, Царкву, палітыку і г.д. Часта здараецца, што гэтыя галасы знявольваюць нас. Мы ініцыяваныя ў жыццё такім чынам, што мы дзейнічаем паводле гэтых галасоў. І разняволіць сумленне – не значыць адшукаць сярод усіх магчымых галасоў адзін бязгрэшны, які і будзе голасам “чыстага сумлення”. Гэта было б самападманам. І наша Я, і разуменне гэтага Я, дадзена нам праз мову, і разняволенне сумлення – гэта заўсёды справа кагосці іншага, таго, хто па-за намі. І найважнейшае пытанне – да якога іншага мы прыслухоўваемся? Хто той Іншы, хто можа разняволіць наша сумленне, хто можа навучыць нас жадаць – і не трапляць у пастку “падвоеных вузлоў”?

“Бо Ён вучыў як той, хто мае ўладу, а не так, як кніжнікі і фарысеі” (Мц 7:29, Мк 1:22) і “авечкі мае слухаюцца голасу Майго, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною” (Ян 10:27), – думаю, гэтыя словы дапамогуць нам лепш зразумець, якое ўражанне рабіў Ісус на тых, да каго прамаўляў, а значыць – і робіць, калі прамаўляе да нас. Прамаўляць, як той, хто мае ўладу – значыць прамаўляць як той, хто надзелены ўладай ад аўтара, пачынальніка, Творцы. Пазнаецца Ён па тым, што Яго словы развязваюць “падвоеныя вузлы” і адкідаюць камяні спатыкнення – яны не могуць быць ад Бога, бо добры Творца ніяк ня можа так ставіцца да сваіх стварэнняў.

Замест “люблю” – “падабаецца”

Я хацеў бы яшчэ крыху засяродзіцца на тым, як на нас уздзейнічае стаўленне таго, хто кажа: “Я люблю цябе, і калі ты зразумееш, што цябе любяць, ты заўважыш, як пераменішся”. Можа гучыць банальна, але гэта важна: ці не варта нам адправіць у пральню зашмальцаванае ‘люблю’ і ўзяць наўзамен ‘падабаецца’. Напэўна, як і я, вы сустракалі такіх, хто кажа, што яны, маўляў, любяць геяў, а таму так хочуць нас змяніць. Іншымі словамі, іх ‘люблю’ не азначае ‘падабаешся’. Гэта нешта кшталту: “З увагі на Божую любоў да грэшнікаў я мушу зрабіць так, каб ты не быў тым, кім ты ёсць”.

Калі ўдумацца, слова ‘падабаешся’ нашмат складаней перакруціць у ману, чым ‘люблю’: мы добра ведаем, каму падабаемся, бо ім прыемна быць з намі, бавіць час у нашай кампаніі. Таму я хацеў бы сцвердзіць: калі наша разуменне любові не ўключае “падабаешся” ці, прынамсі, гатоўнасці вучыцца гэтаму стаўленню, то, верагодна, мы маем на ўвазе любоў, якая можа стаць для нас “падвоеным вузлом”, бо насамрэч яна азначае: “Мая любоў да цябе значыць, што ты будзеш падабацца мне, калі станеш іншым”.

Я думаю, што дактрына ўцелаўлення нашага Госпада – вобраз Бога пасяляецца сярод нас як чалавек (Філ 2:7) – моцны доказ таго, што Богу мы падабаемся тут і цяпер, якімі мы ёсць. Яму прыемна быць з намі. Той, хто глядзіць на нас зь любоўю, не ўзіраецца ў нас пранізлівым і непранікальным позіркам абсалютнага іншага. Ён глядзіць на нас з радасцю, як той, каму прыемна ў нашай кампаніі, хто хоча далучыцца да нас і давярае нам. Несумненна, па меры таго, як мы вучымся разьнявольвацца, атуленыя любоўю, мы бачым, што не падобныя на тых, кім раней сябе ўяўлялі, і што нашы жаданні змяняюцца таксама. А гэта і азначае зразумець, што Сьвяты Дух пасяляўся ў нас і перамяняе нашы памкненні. Бог ставіцца да нас не так, як нам часта ўяўляецца: Яму не трэба руйнаваць, каб збудаваць нешта новае. Ісус зусім не сяржант, які мусіць ператварыць жыццё навабранцаў у пекла, зрабіць яго невыносным, каб потым, калі яны забудуцца, хто яны такія, ім стала ўтульна ў скуры вайскоўцаў і зразумелі, што ў іх сяржанта – залатое сэрца.

Вочы таго, хто нас любіць

Наша вера кажа, што Бог глядзіць вачамі Хрыста. Ён дае нам новае жыццё і глядзіць на нас вачамі, якім мы падабаемся. Гэтыя вочы глядзяць на нас не з вышыні і не здалёк – яны сярод нас. А значыць, яны не падначальваюць нас, не спрабуюць ведаць “лепш за нас”, хто мы, а хочуць разам з намі адкрываць, кім мы станем.

А таму нам няма чаго страчваць. Сапраўдная прыгода заключаецца ў веры ў дабрыню таго, хто любіць нас, і ў свабодзе рабіць тое, што нам сапраўды падабаецца. Наш Госпад сказаў пра гэта так:

“Чалавек, выяжджаючы, паклікаў слуг сваіх і здаў ім маёмасць сваю. І аднаму даў пяць талантаў, другому два, іншаму адзін – кожнаму паводле яго сілы. Той, што дастаў пяць талантаў, пайшоў, пусціў іх у дзела і прыдбаў другіх пяць талантаў. Таксама і той, што дастаў два таланты, прыдбаў другія два. А той, што дастаў адзін талант, пайшоў і закапаў яго ў зямлю, і схаваў серабро гаспадара свайго. Цераз доўгі час прыходзіць гаспадар слуг гэных і трэбуе ў іх справаздачы. I, падыйшоўшы, той, што быў дастаў пяць талантаў, прынёс другія пяць талантаў і кажа: “Гаспадар! Пяць талантаў ты даў мне; вось другія пяць талантаў я прыдбаў на іх.” Гаспадар яго сказаў яму: “Добра, добры і верны слуга! У малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасць гаспадара твайго.” Падыйшоў таксама і той, што дастаў два таланты, і сказаў: “Гаспадар, два таланты ты мне даў, вось другія два таланты я прыдбаў на іх.” Гаспадар яго сказаў яму: “Добра, добры і верны слуга! У малым ты быў верны: над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасць гаспадара твайго.” Падыйшоў і той, што дастаў адзін талант, і сказаў: “Гаспадар, я ведаў цябе, што ты чалавек жорсткі: жнеш, дзе не сеяў, і збіраеш, дзе не рассыпаў; дык, убаяўшыся, пайшоў і схаваў талант твой у зямлю: вось табе тваё.” Гаспадар жа яго сказаў яму ў адказ: “Благі і ляны слуга! Ты ведаў, што я жну, дзе не сеяў, і збіраю, дзе не рассыпаў. Дзеля гэтага належала табе аддаць серабро маё таргуючым; і я, прыйшоўшы, дастаў бы сваё з прыбыткам. Дык вазміце ў яго талант і дайце маючаму дзесяць талантаў. Бо ўсякаму маючаму будзе дадзена і прыўмножыцца, а ў нямаючага і тое, што мае, ўзята будзе. А нягоднага слугу кіньце ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгот зубоў.” (Мц 25:14-30)

Самае істотнае ў гэтай прыповесці – тое, што ўяўленне слуг пра свайго гаспадара становіцца вызначальным чыннікам іх сумлення і, адпаведна, іх учынкаў. Першыя два слугі ўбачылі ў ад’ездзе гаспадара нагоду зрабіць нешта захапляльнае. Яны былі ўпэнены, што іх гаспадар – “адзін з нашых”, хто не будзе супраць пакаштаваць шалёных рэчаў, хто не жыве выключна па правілах, хто адважна эксперыментуе, рызыкуе страціць, а ў выніку шматкроць памнажае свой набытак. Іншымі словамі, яны меркавалі, што гаспадару яны падабаюцца, так што ён заахвочвае, падштурхоўвае іх да адважных і рызыкоўных учынкаў. А таму, уявіўшы і паверыўшы, што набытак можна памножыць, яны яго і памножылі. Якім жа бачыў свайго гаспадара трэці слуга, відаць з яго словаў: “Гаспадар, я ведаў, што ты чалавек жорсткі: жнеш, дзе не сеяў, і збіраеш, дзе не рассыпаў; дык, збаяўшыся, пайшоў і схаваў талент твой у зямлю: вось табе тваё”. Ён дзейнічаў паводле свайго зняволенага ўяўлення. А што яно зацягнута “падвоеным вузлом”, выдатна выяўляецца ў фразе “жнеш, дзе не сеяў, і збіраеш, дзе не рассыпаў”. У яго уяўленні іншаму ён не падабаўся, таму той і ўсклаў на яго невыносны цяжар, і яму больш нічога не заставалася, як крыўдаваць. Ён быў зняволены – жывы і памерлы, няздольны ні кроку зрабіць ані ўперад, ані назад. Дык не дзіва, што ў іншай версіі гаспадар кажа: “Тваімі вуснамі буду судзіць цябе, хітры слуга,” (Лк 19:22) – бо зняволіла слугу не што іншае, як яго ўласнае ўяўленне.

Праз еўхарыстычную прысутнасць Ісуса сярод нас Бог усячасна нагадвае нам пра сваё стаўленне да нас, пра тое, што мы падабаемся Яму, і заахвочвае нас быць смелымі ў “адсутнасць гаспадара”. Ён нагадвае, што разняволенне нашага сумлення азначае, што мы становімся здольныя давяраць Таму, каму падабаемся, хто ўсцешаны, калі нам прыходзяць да галавы новыя ідэі: арыгінальныя, смелыя, нестандартныя. І таму мы будзем дзейнічаць паводле свайго сумлення. Калі яно ўсвядоміць, што пра нас клапоціцца Той, каму мы падабаемся, і захоча быць падобным да Яго – адважнага, стваральнага, вынаходлівага, жыццярадаснага, смелага, рызыкоўнага, – тады мы пабачым, што і самі дзейнічаем, як Ён, што мы здольныя ўзняцца па-над пагрозай пакарання, што нам радасна вызваляць людзей з пастак, што мы не прызнаем слова “не” і не верым, што для Бога можа быць нешта немагчымым. Тады мы такімі і зробімся.

Радасць памыляцца

Чалавек з разняволеным сумленнем не баіцца памыліцца, бо ён не абавязаны мець рацыю ўвесь час. Той, хто адчувае, што абавязаны мець рацыю, не адважваецца памыліцца, бо баіцца, што тады з ім станецца. Але каталіцкае, хрысціянскае разуменне сумлення кажа нам: мы ведаем, што мы падабаемся, таму мы можам памыляцца, і гэта не вялікая бяда, бо мы не баімся пакарання, а таму здольныя вучыцца на памылках. Насамрэч калі мы не адважваемся памыляцца, мы ня можам па-сапраўднаму мець рацыю, бо наша “рацыя” адгародзіць нас сцяной ад усяго іншага – невядомага, прывабнага, вялікага, – ад усяго таго, што прымушае быць шырокадумным і вялікадушным. Чыстае сумленне – не пачуццё самазадаволенасці ад таго, што слушна зрабіў; хутчэй, гэта глыбінная радасць ад усьведамлення, што рухаешся наперад. Такое сумленне цалкам сумяшчальнае з глыбокім шкадаваннем пра памылкі. Гэта захапленне быццём сынам ці дачкой, якія выправіліся ў поўную прыгодаў дарогу, а не цяжар усьведамлення, што ты – раб, які не мае права на памылку, бо не адчувае сябе часткай чыёй бы там ні было задумы, а ўспрымае іншага капрызлівым дэспатам, які абавязкова раззлуецца праз любую дробязь.

Да стваральнай свабоды

Дык што значыць, што Бог не проста “любіць” нас, геяў, на адлегласці, бо “спачувае ў бядзе”, а ўпадабаў нас, што Яму прыемна ў нашай кампаніі, што Ён хоча далучыцца да нас на нашым шляху, каб пабачыць, куды прывядзе нас гэта прыгода – быць чалавекам? Хіба не праўда, што фраза “ты мне падабаешся” дазваляе табе быць сабой, стварае для цябе прастору, мае на ўвазе, што “мне цікава ісці з табой”, і азначае радасць? Калі так, чаму б нам не адважыцца ўявіць, што Бог сапраўды хоча, каб мы былі вольныя і шчасьлівыя, пачынаючы адтуль, дзе мы цяпер? Чаму б не дапусціць, што нашы памкненні – ці то сустрэць партнёра, які б нас кахаў, ці стварыць нейкі супольны праект, у якім бы ўдзельнічала процьма эксцентрычных прынцэсаў і які б стаў часткай пераменаў у грамадстве і Царкве, – могуць прывесці да самарэалізацыі нашмат больш поўнай, чым мы сабе ўяўлялі напачатку? Калі Пятру яшчэ не дадзена разуменне, то гэта зусім не азначае, што Святому Духу можна перашкодзіць разнявольваць нашы жаданні. Тое, што некаторыя нашы ярархі няздольныя асмеліцца нават прапанаваць нам еўхарыстычную прастору, якая па праву належыць ахрышчаным, зусім не значыць, што нашы сумленні павінны быць зняволены цяжарам згубнага кіравання і датклівай няздольнасці бюракратыі размаўляць як дарослыя з дарослымі. Бо гэты цяжар і няздольнасць сведчаць нешта пэўнае пра іх, але гэта зусім не абавязкова павінна станавіцца перашкодай для нас.

Я думаю, мы цяпер знаходзімся акурат там, дзе можна разняволіць сваё сумленне для дзеяння і развіцця. І паколькі нас чакае толькі адзін суд – суд свабоды (Як 2:12), на што б мы хацелі адважыцца, калі пачынаем тут і цяпер? Што б такога паднесці гаспадару па яго вяртанні?

На маю думку, нам выпаў вялікі гонар быць каталікамі – геямі і лесбіянкамі, – акурат цяпер, у пэўнай ступені з-за ўсё больш выразнага адчування, што мы становімся ўдзельнікамі ўнутранай дынамікі захапляльнага праекта дзялення са светам Добрай Весткі пра Бога. Выразнай рысай тэкстаў апостальскіх сьведчанняў у Новым Запавеце з’яўляецца дух самаадкрыцця, выхад на сьвятло [2], адмаўленне ад таго, што ў тэорыі было добрым, але аказалася пасткай. Часам гэта ідэя падаецца ў маралізатарскім (і антысеміцкім) духу як адмаўленне ад благога і далучэнне да добрага. Але я ўсё ж думаю, што дакладней было б убачыць у гэтым адмаўленне ад нечага на выглад ‘добрага’ – ці то Закону, ці то нормаў рымскай дзяржаўнай рэлігіі, – на карысць свабоды. Апостал Павел вельмі заклапочаны, каб свабода не стала распустай, але нашмат, нашмат больш ён заклапочаны тым, каб людзі не вярнуліся ў ‘прыстойнасць’ з яе зняволеным сумленнем і заспакаяльнай залежнасцю ад агульнага ўхвалення. (Гал 3:1)

Як вы думаеце, што больш адпавядае сведчанню Новага Запавету: “Каталік-гей вызнае, што ‘не вяртацца, як сабака да ванітаў сваіх’ значыць перадусім больш ніколі не мець гейскіх сяброўстваў, не хадзіць на тусоўкі геяў і туды, дзе можа падсцерагаць спакуса выпадковага секса,” – або: “Каталік-гей вызнае, што ‘не вяртацца, як сабака да ванітаў сваіх’ значыць перадусім змагацца са спакусай хавацца, якая знявольвае сумленне і адымае свабоду, вядзе да нездаровых адносінаў, няздольнасці любіць і казаць праўду”?

Што яшчэ можа значыць настаўленне не ўліваць маладога віна ў старыя мяхі ці пазбягаць фарысейскай закваскі, як не тое, што аўтар усяго існага прамаўляе ў быццё адважнае сумленне?

Якім будзе наступны наш крок?

Спасылкі і заўвагі

[1] Homosexualitatis problema (“Ліст Кангрэгацыі Навукі Веры да каталіцкіх біскупаў пра душпастырства асобаў з гомасэксуальнай арыентацыяй”, 1 кастрычніка 1986 г.), 3.

[2] Анг. ‘coming out’ часта абазначае публічнае вызнанне быцця геем ці лесбіянкай.


© James Alison, 2002. Пераклад на беларускую Ігара Іванова.
Гэта лекцыя была прачытана для “Quest” – брытанскай асацыяцыі каталікоў-гееў, – у 2002 г. і апублікавана ў кнізе “On Being Liked”.